Жанчыны-творцы на старонках сакавіцкага нумара “Роднага слова”
28 сакавіка 2024 года а 17-й гадзіне ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбудзецца прэзентацыйнае мерапрыемства «Вясновыя перазовы: Жанчыны-творцы на старонках сакавіцкага нумара “Роднага слова”».
Па традыцыі на авансцэну ў першым вясновым выпуску навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова” выходзяць жанчыны. Сёлета гэта паэткі Ганна Новік і Еўдакія Лось, чые юбілеі прыпадаюць на сакавік; паэткі-сучасніцы Соф’я Шах і Людміла Кебіч, а таксама плеяда пісьменніц, чые творы склалі зборнік жаночай навелы з кніжнай серыі “Сучасная беларуская літаратура”; Ларыса Александроўская і Яўгенія Пфляўмбаўм, якія сталі гераінямі архіўных даследаванняў. Жанчынам належаць і каляровыя выявы нумара, у тым ліку жывапісны твор “Подых вясны” Раісы Кудрэвіч. Палатно пакіне фонды Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь на час мерапрыемства і будзе прадстаўлена яго гасцям напярэдадні 105-годдзя народнай мастачкі Беларусі.
У кантэксце заяўленай тэмы адбудзецца экспрэс-прэзентацыя музейна- часопісных праектаў “Роднага слова”, а таксама сумесных ініцыятыў, скіраваных на папулярызацыю беларускай культуры. Такі фармат дазволіць наведвальнікам пазнаёміцца з адметнасцю часопіса і ацаніць яго патэнцыял для выкарыстання ў дзейнасці педагогаў, бібліятэкараў, музейных супрацоўнікаў і ўсіх зацікаўленых.
У мерапрыемстве бяруць удзел аўтары і партнёры часопіса, Народны літаратурны тэатр “Жывое слова”, струнны ансамбль “La vie”, студэнты Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі.
Уваход вольны.
Шчыра запрашаем!
Тэлефон для даведак: +375 17 363 56 21; +375 17 263 34 79
Адрас: вул. М. Багдановіча, 13