У Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа прайшоў II Міжнародны навуковы кангрэс “Беларуская мова – галоўная гісторыка-культурная каштоўнасць нацыі і дзяржавы”, прымеркаваны да 95-годдзя ўстановы. Падчас кангрэса адбыліся два пленарныя пасяджэнні, працавалі сем секцый, на якіх было абмеркавана шырокае праблемнае поле мовазнаўчых пытанняў.
Галоўны рэдактар навуковага і метадычнага часопіса “Роднае слова” Наталля Шапран у прывітальным слове да ўдзельнікаў кангрэса адзначыла: «Калектыў часопіса “Роднае слова” ганарыцца цесным супрацоўніцтвам з Інстытутам мовазнаўства на ніве гуманітарна- асветніцкага выхавання. Вось ужо 30 гадоў найлепшыя аўтары “Роднага слова” – вядучыя навукоўцы Інстытута мовазнаўства, іх шматлікія публікацыі на старонках выдання дапамагаюць чытачам засвойваць моўную спадчыну ў арганічнай сувязі з нацыянальна-культурнымі здабыткамі Бацькаўшчыны. Мы ўдзячныя за супольную працу ў складзе рэдакцыйнай калегіі выдання і за давер быць аднымі з тых, хто даносіць вашы бліскучыя навуковыя дасягненні да шырокай грамадскасці».
Адным з падарункаў Інстытуту мовазнаўства імя Якуба Коласа і ўсім філолагам стане лістападаўскі нумар часопіса “Роднае слова” з юбілейным раздзелам, куды ўвайшоў “залаты дзясятак” публікацый ад супрацоўнікаў галоўнага мовазнаўчага цэнтра краіны.
Фота з сайта Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа.