Напярэдадні 100-годдзя Васіля Быкава адбылася першая прэзентацыя майскага нумара-альманаха часопіса “Роднае слова”, прысвечанага народнаму пісьменніку Беларусі. Яна невыпадкова прайшла ў гістарычных сценах Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва, з якім выданне звязвае даўняе партнёрства, а таксама сёлетні праект “Ex archivo”. Як адзначыла на пачатку галоўны рэдактар часопіса Наталля Шапран, архіўна-музейная прастора мерапрыемства сугучная той канцэпцыі, якой рэдакцыя прытрымлівалася ў працы над нумарам-альманахам.
Удзельнікамі прэзентацыі часопіса ў фармаце круглага стала пад назвай “Васіль Быкаў. Шляхі і перспектывы даследавання і інтэрпрэтацыі творчасці” сталі прадстаўнікі навукова-асветніцкай грамадскасці, у тым ліку аўтары нумара-альманаха часопіса “Роднае слова”, прымеркаванага да стагоддзя народнага пісьменніка Беларусі, – біёграфы празаіка, літаратура- і мастацтвазнаўцы, літаратары, архівісты, супрацоўнікі вядучых літаратурных і мастацкіх музеяў, якія падзяліліся сучасным поглядам на асэнсаванне асобы і спадчыны Васіля Быкава.
З прывітальным словам да гасцей звярнулася дырэктар Беларускага дзяржаўнага архіва-музея літаратуры і мастацтва Алена Макаранка, якая пазнаёміла з гісторыяй стварэння фондаў установы, звязаных з імем Васіля Быкава. Менавіта гэтыя ўнікальныя матэрыялы леглі ў аснову новай выставы БДАМЛМ “Сам-насам з вечнасцю”, прадстаўленай падчас круглага стала.
Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, дырэктар – галоўны рэдактар Выдавецкага дома “Звязда” Алесь Карлюкевіч назваў выпуск часопіснага нумара-альманаха ўражлівым прыкладам вывучэння спадчыны народнага пісьменніка. На яго думку, сам фармат нумара-альманаха, прыдуманы роднасловаўцамі, унікальны і абавязкова ўвойдзе ў літаратуразнаўчыя слоўнікі ці слоўнікі перыядычнага друку. Важна, што новыя даследаванні творчасці класіка ўкладваюцца ў агульны канцэпт выдання і змяшчаюць літарура- і мовазнаўчыя публікацыя, артыкулы, звязаныя з методыкай, культуралогіяй і мастацтвазнаўствам.
Таксама Алесь Мікалаевіч пазнаёміў прысутных з новым выданнем выбраных твораў Васіля Быкава, што вялікім тыражом выйшла ў Выдавецкім доме “Звязда”. Выхаваўчы патэнцыя твораў Васіля Быкава акрэсліў загадчык сектара суправаджэння нацыянальнага даследавання якасці адукацыі, старшы навуковы супрацоўнік лабараторыі гуманітарнай адукацыі Акадэміі адукацыі Вячаслаў Караткевіч, які назваў народнага пісьменніка знакавай фігурай у школьнай праграме, без яго творчасці цяжка ўявіць вывучэнне гісторыі Вялікай Айчыннай вайны ў сучаснай школе.
Кандыдат філалагічных навук, старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра даследаванняў старадрукаваных выданняў і рукапісаў Цэнтральнай навуковай бібліятэкі імя Якуба Коласа НАН Беларусі Мікалай Трус распавёў пра гісторыю публікацыі калекцыі фотаздымкаў з “сяброўскай усмешкай”, якія захоўваюцца ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры і былі змешчаны ў нумары-альманаху ў прэм’ернай рубрыцы “У кадры і за кадрам”. У комплексе зварот да архіваў і кніг дае багаты факталагічны матэрыял для асэнсавання асобы класіка.
Кінаінтэрпрэтацыі творчасці Васіля Быкава быў прысвечаны выступ доктара філалагічных навук, загадчыка кафедры літаратурна-мастацкай крытыкі факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Людмілы Саянковай-Мяльніцкай.
Даследчыца лічыць, што быкаўская проза нібы схільная да кіно, настолькі драматургічна шчыльна, дакладна “падагнаныя” дыялогі, кароткія і трапныя характарыстыкі герояў, сітуацыйныя дэталі, публіцыстычныя адступленні і пейзажныя замалёўкі.
Удзельнікамі круглага сталі таксама аўтар гадовага часопіснага праекта “100 партрэтаў Васіля Быкава” Ірына Князева, старшы навуковы супрацоўнік Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры, і Настасся Трафімчык, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, дзякуючы чыім публікацыям вокладкі быкаўскага нумара-альманаха ўзбагаціліся жывапіснымі партрэтамі народнага пісьменніка.
Фінальны выступ навуковага кансультанта роднасловаўскага нумара-альманаха, біёграфа Васіля Быкава, даследчыка гісторыі беларускай літаратуры Сяргея Шапрана ўтрымліваў сюрпрыз.
Па ўзгадненні з сынамі Васіля Уладзіміравіча Васілём і Сяргеем Быкавамі ў Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва былі перададзены на пастаяннае захоўванне матэрыялы з гродзенскай часткі архіва: лісты чытачоў і літаратараў, а таксама рукапісы і машынапісы, у тым ліку самая ранняя літаратурная аўтабіяграфія (1962) і невядомыя “сучасныя прыпавесці”, якія былі напісаны, верагодна, яшчэ ў 1960-я гг.
Падчас круглага стала ў дачыненні да публікацый часопіса неаднойчы гучала вызначэнне “новае слова ў сучасным быкавазнаўстве”. Упэўніцца ў гэтым можа кожны чытач майскага нумара-альманаха “Роднага слова”.